• Перейти на главную
  • Карта сайта

Фоноархив этномузыки

Гістарычная даведка. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі накірунак практычнай этнамузыкалогіі звязаны з вывучэннем сучаснага стану народнай музычнай традыцыі Беларусі, запісам і нотнай транскрыпцыяй узораў этнамузыкі, фона- и відэафіксацыяй аутэнтычных старажытных і сучасных музычных фальклорных традыцый. Гэты напрамак (разам з навукова-тэарэтычным, метадычным, папулярызатарскім) атрымаў сваё ўсталяванне яшчэ ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі дзякуючы найперш дзейнасці Л.С. Мухарынскай па арганізацыі палявых даследаванняў і стварэнні спецыялізаванага фонда этнамузыкі. Ён набыў мэтанакіраваны працяг у рабоце кабінета традыцыйных музычных культур (з 1982 па 2011 гады – кабінет народнай музыкі) і кафедры беларускай музыкі (з 1991). У розныя гады кабінет узначальвалі Л.П. Касцюкавец, С.І. Мыцько, М.І. Казловіч. З 2000 года на пасадзе загадчыка КТМК знаходзіцца кандыдат мастацтвазнаўства Таццяна Леанідаўна Бярковіч. У цяперашні час у кабінеце працуюць выпускнікі кафедры беларускай музыкі, метадысты: Настасся Ігараўна Даніловіч, Таццяна Леанідаўна Канстанцінава, кандыдыты мастацтвазнаўства Васіліна Міхайлаўна Прыбылова і Лілія Фаільеўна Баранкевіч.

Структура і змест фондаў. Фонаархіў этнамузыкі з’яўляецца не толькі буйным (у беларускіх каардынатах) этнамузыкалагічным фоназборам, але і спецыялізаваным архівам акадэмічнага тыпу з адзінымі пазіцыямі фарміравання і метадамі сістэматыкі, якія адпавядаюць стандартам вядучых еўрапейскіх цэнтраў этнамузыкалогіі. Асноўную частку архіўных фондаў складаюць унікальныя па гістарычнай і мастацкай каштоўнасці ўзоры аўтэнтычных песенных і інструментальных гучанняў, зафіксаваныя ў палявых экспедыцыях БДАМ 1964–2014 гадоў. Фонд экспедыцыйных фоназапісаў складае больш за 2000 адзінкі захоўвання на розных носьбітах. Змястоўны бок аўдыязбора адлюстроўвае зводны каталог, у якім налічваецца больш за 13 000 пазіцый апісання напеваў, найгрышаў, расказаў і інш.

Першая калекцыя палявых фоназапісаў датуецца 1964 годам (экспедыцыя пад кіраўніцтвам Л.С. Мухарынскай), першы збор нотна-тэкставых транскрыпцый – 1956 год. Сярод форм правядзення палявых даследаванняў Акадэміі музыкі значнае месца належыць экспедыцыям ў рамках летняй практыкі студэнтаў музыказнаўчага і кампазітарскага аддзяленняў.

Важным напрамкам укаранення навукова сістэматызаваных матэрыялаў фонаархіва этнамузыкі выступіла ўкладанне фонакалекцый на кампакт-дысках, выданне якіх распачалося ў 2006 годзе ў межах серыі "Аўдыяатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі" (кіраўнік праекта – Т. Бярковіч). Кожная калекцыя серыі – плён аўтарскіх навукова-даследчых распрацовак выкладчыкаў і аспірантаў-этнамузыколагаў кафедры беларускай музыкі, супрацоўнікаў кабінета традыцыйных музычных культур, здзейсненага імі руплівага адбору матэрыялаў фонаархіва.

"Музычныя традыцыі Масленіцы Беларускага Падняпроўя" (аўтар-укладальнік В. Прыбылова, рэстаўратар гуказапісаў С. Багданаў, дызайн – В. Прыбылова, А. Далінін, 2006 г.; працягласць гучання – 48’23”). У першай фонакалекцыі ў серыі "Аўдыяатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі" адлюстраваны новы падыход да раскрыцця этнакультурнага масіву Верхняга Падняпроўя як шырокага па сваіх тэрытарыяльных межах, які ўключае не толькі магілёўскае Падняпроўе, але і тэрыторыі днепра-дзвінскага міжрэчча, а таксама сожска-бесядзь-іпуцкага вусця. У калекцыі з 26 нумароў знайшлі адбітак асноўныя класы напеваў Масленіцы, замацаваныя ў сістэме фальклорнага песеннага меласу Беларускага Падняпроўя: пскоўска-смаленска-віцебскага, чашніцка-аршанска-мсціслаўскага, клімавіцка-хоцімскага і сожска-беседзь-іпуцкага арэалаў. Дыск суправаджаецца буклетам, які ўлучае змест, анатацыю на беларускай і англійскай мовах, мапу арэалаў масленічных напеваў і транскрыпцыі асобных нумароў. 

 Другі дыск – "Надзежда Адамаўна Швед" (аўтар-укладальнік К. Крывашэйцава, рэстаўратар гуказапісаў С. Багданаў, дызайн – А. Прыбылоў, К. Крывашэйцава, 2007 г.) – другая фонакалекцыя серыі, у якой этнапесенная культура Беларускага Палесся (традыцыя вёскі Перароў Жыткавіцкага раёна Гомельскай вобласці) раскрываецца праз творчасць аднаго з найталенавітых яе носьбітаў. Адметнасць названай традыцыі яскрава выявілася ва ўмовах жывога "дыялога культур" пад час экспедыцыйнага запісу ў вёсцы Стоўпня Рагачоўскага раёна Гомельшчыны, у якім Надзея Адамаўна ўдзельнічала разам з карэннымі жыхаркамі. Яна вылучалася на іх фоне не толькі тэмбрам, інтанацыямі маўлення, багатым і разнастайным песенным рэпертуарам, але перш за ўсё сваім жывым, яркім тэмпераментам і нястрымным жаданнем спяваць. Калекцыя з 34 нумараў (63’35”) рэпрэзентуе ўзоры розных жанраў і гісторыка-стылявых пластоў песеннай традыцыі Жыткавіцкага раёна, дапоўненыя каларытнымі дыялогамі, рэплікамі і каментарыямі выканаўцаў, якія захоўваюць атмасферу экспедыцыйнага запісу, даюць адчуванне жывога быцця традыцыі.  

Раскрыццё панарамы музычных этнакультур Беларусі працягваюць дзве аўдыякалекцыі, аб’яднаныя назвай "Этнапесенныя традыцыі Беларусі ў экспедыцыйна-палявых запісах Л. С. Мухарынскай" (2012; складанне музычнай часткі – К. Крывашэйцава, Т. Бярковіч; транскрыпцыя напеваў і песенных тэкстаў, камп’ютарны набор – К. Крывашэйцава, В. Прыбылова; аўтары ўступнага артыкула – Т. Якіменка, Т. Бярковіч, пераклад на англ. мову ўступнага артыкула – Т. Канстанцінава; рэстаўрацыя гуказапісаў і мастэрынг – С. Багданаў; дызайн – Н. Вікторчык, А. Прыбылоў; макет – В. Прыбылова, А. Далінін). 

Выданне ўключае 2 CD і брашуру, якая ўлучае змест аўдыязапісаў, анатацыю на беларускай, рускай і англійскай мовах, карту, нотна-тэкставыя транскрыпцыі 12-ці нумароў. Два кампакт-дыска ўкладзены па матэрыялах экспедыцый Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі 1964, 1969 і 1971 гг., ажыццёўленых пад кіраўніцтвам выдатнага беларускага этнамузыколага Лідзіі Саулаўны Мухарынскай. У фонаархіве этнамузыкі БДАМ запісы Л. С. Мухарынскай належаць да групы рарытэтаў.

Першы дыск – "Песні вёскі Азарычы Пінскага раёна" (працягласць гучання 30’37”) – уключае 20 песенных узораў, якія былі зафіксаваны ад адной спявачкі – Ганны Аксенцьеўны Мельнік. Каляндарна-песенны цыкл вёскі Азарычы рэпрэзентуюць гучанні вяснова-летняга сезона (у іх ліку – "в жніве, як жыто жнуць" – № 5). На дыску адлюстравана гукавая сфера "свадзьбы" / "вэселля" ("Чарачка – в свадзьбе вжэ спуваці" – № 18), а таксама пазаабрадавая песенная ліраэпіка. 

Другі дыск – "Песні вёскі Заполле Карэліцкага раёна" (працягласць гучання 50’19”) – рэпрэзентуе стыль заходнебеларускай рэгіянальнай песеннай традыцыі (Панямонне), у якім дамінуе пазаабрадавая лірыка (№ 18). Змест дыска складаюць 24 песенных узора (раннетрадыцыйныя: валачобная, купальская, жніўная, вясельная, пахавальнае галашэнне; "велікадзённая" і ражстоўская псальмы; познетрадыцыйныя: любоўныя, казацкія, салдацкія; рэвалюцыйныя песні Заходняй Беларусі, партызанскія песні часоў Вялікай Айчыннай вайны) і расказ пра Каляды (№ 2, № 3). Асобы каларыт "Запольскай" калекцыі надае гучанне мужчынскіх галасоў ("ансамбль Моніча"), якое афарбоўвае нароўні з жаночымі адзіночным і сумесным спевамі ўсе тэматычныя раздзелы аўдыявыдання.

"Песенна-гульнявыя традыцыі ў каляндарна-земляробчай культуры Беларусі: Ваджэнне Казы. Жаніцьбa Цярэшкі" (2012, аўтар-складальнік Т. Бярковіч; рэстаўрацыя гуказапісаў і мастэрынг – С. Багданаў; дызайн – Н. Даніловіч, А. Прыбылоў; пераклад на англ. мову ўступнага артыкула – Т. Канстанцінава). Выданне ўключае 2 CD і брашуру, якая ўлучае змест аўдыязапісаў, анатацыю на беларускай, рускай і англійскай мовах, карты арэалаў гульнявых напеваў, нотна-тэкставыя транскрыпцыі асобных нумароў.

Калекцыя "Ваджэнне Казы" (CD 1, працягласць гучання 55’30”) уключае 34 аўдыязапісы песень і расказаў, якія адлюстроўваюць спецыфіку песенна-абрадавай дзеі з Казой – стрыжнёвага складніка традыцыі калядна-шчадроўскіх абходаў на паўднёвабеларускіх тэрыторыях. На дыску прадстаўлены гучанні, прыналежныя да тэрыторыі скразнога пашырэння дзеі з Казой (Гомельскае Палессе – № 9, паўднёвая частка Цэнтральнабеларускага рэгіёна № 23, паўднёвая частка Магілёўскага Падняпроўя № 31), а таксама "кропкавыя" песенныя фіксацыі з Брэсцкага Палесся і паўднёвых раёнаў Віцебскага Паазер’я (№ 33).

Калекцыя "Жаніцьба Цярэшкі" (CD 2, працягласць гучання 67’18”) рэпрэзентуе гукавы змест паўночнабеларускай абрадава-гульнявой дзеі перыяду зімовага сонцавароту. 50 нумароў фонакалекцыі даюць уяўленне пра меладыйны стыль напеваў, якія належаць старажытнаму пласту беларускага каляндарна-песеннага фальклору і складаюць ядро песенна-абрадавай каляднай традыцыі. На дыску прадстаўлены традыцыі выканання напеваў "без музыкі" (інструментальнага суправаджэння) (№ 19) і "пад музыку", змешчаны інструментальныя пераклады напеваў "Цярэшкі" (№ 49), тыпавыя для гульні найгрышы. 

Аўдыявыданне "Этнамузычныя традыцыі паўночнабеларускага рэгіёну: Сенненшчына" – чарговае ў серыі "Аўдыяатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі" (2014, аўтары-складальнікі Т. Канстанцінава, В. Прыбылова; мастэрынг гуказапісаў – С. Багданаў; рэдакцыя тэкстаў – М. Казіміраў (бел., рус.), Н. Панасюк (англ.); дызайн вокладкі – А. Прыбылоў, Н. Даніловіч; апрацоўка фотаздымкаў – А. Прыбылоў; кіраўнік праекта – Т. Бярковіч). Выданне 2014 года прадстаўляе вынікі экспедыцыйнага даследавання народнай песеннай і інструментальнай культуры Сенненскага раёна Віцебскай вобласці, праведзенага аўтарамі-складальнікамі ў 2011 годзе. Матэрыялы экспедыцыі, якія ўвайшлі ў якасці асобнай калекцыі ў Фонаархіў этнамузыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, складаюць асноўную частку выдання. Калекцыя з двух кампакт-дыскаў маштабна рэпрэзентуе гучанні, прыналежныя да старажытнаабрадавага песеннага пласта (каляндарнага і сямейна-радавога прызначэння), інструментальна-танцавальных практык і, у асобных узорах, познетрадыцыйнай лірыкі.

Глядзі таксама архіў (2001-2012)

Выберите населенный пункт

все фотографии