• Перейти на главную
  • Карта сайта

Народны спявак-карыфей са Шклоўшчыны Віктар Петакоў. Мінск, 2017.

Народны спявак-карыфей са Шклоўшчыны Віктар Петакоў. Мінск, 2017.

Народны спявак-карыфей са Шклоўшчыны Віктар Петакоў [Электронны рэсурс] / склад. Т. Канстанцінава, В. Прыбылова, Т. Бярковіч. – Электрон. дан. (117:01). – Мінск: Беларус. дзярж. акадэмія музыкі, 2017. – 2 электрон. апт. дыска (CD-RОM): гуч., брашура (39 с.). – (Аўдыяатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі : вып. 9). Тыраж 50 экз.

Аўтары-складальнікі: Таццяна Канстанцінава, Васіліна Прыбылова, Таццяна Бярковіч (складанне муз. часткі, уступ. артыкул на бел., рус. і англ. мовах, каментарыі, транскрыпцыі і камп’ютарны набор напеваў і песенных тэкстаў, стварэнне карты, макетаванне). Мастэрынг гуказапісаў: Сяргей Багданаў. Тэкставыя рэдактары: Міхаіл Казіміраў (бел., рус.), Святлана Шчукіна (англ.). Дызайн вокладкі: Аляксандр Прыбылоў, Настасся Даніловіч. Апрацоўка фотаздымкаў: Настасся Даніловіч. Кіраўнік праекта: Таццяна Бярковіч.

Калекцыя з двух СD "Народны спявак-карыфей са Шклоўшчыны Віктар Петакоў" – дзявяты выпуск серыйнага выдання "Аўдыяатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі". Яна працягвае адну з ліній серыі, якая прысвечана "партрэтам" выдатных носьбітаў народных музычных традыцый Беларусі. У цэнтры новай аўдыякалекцыі – творчасць спевака-самародка Віктара Петакова, сапраўднага карыфея народнага музычнага мастацтва. Яго спеўнае майстэрства шырока вядома ў Беларусі і па-за яе межамі дзякуючы этнаграфічнаму фільму Зінаіды Мажэйка "Пранясі, Божа, хмару" (Беларусьфільм, "Летапіс", 1990). Віктар Аляксеевіч браў удзел у шматлікіх фестывалях, аглядах, конкурсах песеннага мастацтва раённага, абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў. У 2015 годзе ён выступіў на музычна-этнаграфічным канцэрце "Спеўныя стылі ўсходняй Беларусі" Міжнароднага фестывалю этнакультур, які адбыўся ў межах ХХІV Міжнародных навуковых чытанняў памяці Л. С. Мухарынскай (Мінск, Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі). Калекцыя заснавана на матэрыялах экспедыцыйнага абследавання Шклоўскага раёна, праведзенага ў 2014 годзе метадыстамі кабінета традыцыйных музычных культур – Т. Канстанцінавай і кандыдатам мастацтвазнаўства В. Прыбыловай.

CD 1 "Каляндарны песенна-абрадавы цыкл. Умоўна-прымеркаваныя і непрымеркаваныя песні" складаюць два раздзелы. У першым пададзены песенныя ўзоры калядных (№ 1, 2, 4, 6, 7), масленічных (№ 10, 12), паставых (№ 14, 15), велікодных (№ 16, 18), купальскай (№ 19), жніўнай (№ 20) і восеньскай (№ 22), а таксама паданне (№ 21) і этнаграфічныя апісанні мясцовых абрадаў каляндарна-земляробчага цыкла (№ 3, 5, 8, 9, 11, 13, 17, 19). Другі раздзел уключае песні, умоўна прымеркаваныя да пэўных абставін выканання – "на ўлазіных, як пастроіш новую хату" (№ 23), "застольная" (№ 24) і непрымеркаваныя – балады, узоры сацыяльнай і любоўнай лірыкі (№ 25–29).

CD 2 "Сямейна-радавы песенна-абрадавы цыкл" змяшчае песенныя ўзоры і этнаграфічныя расказы, якія даюць разгорнутае ўяўленне пра паслядоўнасць этапаў традыцыйнага вяселля (№ 1–24), радзінны рытуал (№ 25–31), а таксама пахавальны абрад, пазначаны як рэгіянальнай, так і канфесійнай спецыфікай (№ 32–36).

Серыя "Аўдыяатлас традыцыйнай музычнай культуры Беларусі" заснавана на матэрыялах Фонаархіва этнамузыкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі і прэзентуе вынікі экспедыцыйна-палявых даследаванняў этнамузыколагаў БДАМ 1960-х – 2010-х гг. Папярэнія выпускі серыі: "Музычныя традыцыі Масленіцы Беларускага Падняпроўя" (2006. Вып. 1. Склад. В. Прыбылова), "Надзежда Адамаўна Швед" (2007. Вып. 2. Склад. К. Крывашэйцава), "Этнапесенныя традыцыі Беларусі ў экспедыцыйна-палявых запісах Л.С. Мухарынскай" (2012. Вып. 3. Склад. К. Крывашэйцава, Т. Бярковіч, Т. Якіменка), "Песенна-гульнявыя традыцыі ў каляндарна-земляробчай культуры Беларусі: Ваджэнне Казы. Жаніцьбa Цярэшкі" (2012. Вып. 4. Склад. Т. Бярковіч),  "Этнамузычныя традыцыі паўночнабеларускага рэгіёну: Сенненшчына" (2014. Вып. 5. Склад. Т. Канстанцінава, В. Прыбылова), "Каляндарна-песенныя традыцыі заходнепалеска-панямонскага памежжа" (2015. Вып. 6. Склад. Н. Даніловіч), "Каляндарна-песенная традыцыя паўночнабеларускага рэгіёну ў экспедыцыйна-палявых запісах Т.С. Якіменка" (2016. Вып. 7. Склад. Т. Бярковіч, Т. Канстанцінва, В. Прыбылова), "Этнамузычныя традыцыі ўсходнебеларускага рэгіёну: Чавушчына" (2016. Вып. 8. Склад. Т. Бярковіч, Т. Канстанцінава, В. Прыбылова).

все фотографии