• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выставка “Мы памятаем!”

Выставка “Мы памятаем!” Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу “Мы памятаем!”, падрыхтаваную да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

75-годдзе вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне – асаблівыя даты ў гісторыі нашай краіны. Памяць аб мужнасці, стойкасці і адданасці Радзіме беларускіх герояў, аб вялікім подзвігу беларускага народу ў Вялікай Айчыннай вайне жыве ў нашых сэрцах, у кожнай сям’і. Наша памяць і ў шматлікіх творах мастацтва, прысвечаных тэме вайны. Музыка натхняла народ на барацьбу з ворагам. Да тэмы Вялікай Айчыннай вайны звяртаўся ў сваёй творчасці практычна кожны беларускі кампазітар. У ваенныя гады “па гарачых слядах” працавалі Мікалай Аладаў, Васіль Залатароў, Анатоль Багатыроў, Яўген Цікоцкі, Рыгор Пукст. Асабістым болем і ўспамінам пра вайну пранікнуты песні Ўладзіміра Алоўнікава, які прайшоў праз франтавое пекла.

На выставе прадстаўлены нотныя выданні і гуказапісы твораў беларускіх кампазітараў аб Вялікай Айчыннай вайне: першая опера на тэму партызанскай барацьбы “Алеся” Я. Цікоцкага, кантата “Беларускім партызанам” А. Багатырова, паэма “Вечна жывыя” Г. Вагнэра, кантата “Памяці Канстанціна Заслонава” Ю. Семянякі, вакальна-сімфанічная паэма “Попел” С. Картэса, вакальны цыкл “Партызанскія балады” і цыкл фартэпіянных п’ес “Фрэскі” Л. Абеліёвіча, балет “Альпійская балада” Я. Глебава, песні, хоры і многія іншыя. На выставе экспануюцца кнігі, часопісы, альбомы, артыкулы з навуковых зборнікаў, ілюстрацыі, фотадакументы пра вайну.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў навучальным корпусе № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30), каб. 140 з 4 мая па 5 ліпеня 2019 года.



все фотографии