• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава "Жыццё для мастацтва. Ігар Лучанок"

Выстава "Жыццё для мастацтва. Ігар Лучанок"

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу "Жыццё для мастацтва", падрыхтаваную да 80-годдзя выдатнага кампазітара Ігара Міхайлавіча Лучанка – заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1973), народнага артыста БССР (1982), народнага артыста СССР (1987), лаўрэата Дзяржаўнай прэміі БССР (1976), спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусі (2007).

Ігар Міхайлавіч Лучанок нарадзіўся ў Мінску 6 жніўня 1938 года. Скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў класе кампазіцыі прафесара А.В. Багатырова (1961), яго дыпломнай работай сталі сімфонія (1961) і кантата "Курган" па аднайменнай паэме Я. Купалы (1962). Далейшае фарміраванне стылю І. Лучанка адбылось ў асістэнтуры-стажыроўцы Ленінградскай кансерваторыі ў класе прафесара В.М. Салманава (1965) і ў аспірантуры Маскоўскай кансерваторыі пад кіраўніцтвам прафесара Ц.М. Хрэннікава (1971). Зорка Ігара Лучанка ўзышла ў 1966 годзе, калі выкананая Віктарам Вуячычам песня "Памяць сэрца" атрымала I прэмію на ўсесаюзным конкурсе. Жанр песні становіцца галоўным у жыцці і творчасці І. Лучанка. Многія яго вакальныя творы сталі лаўрэатамі усесаюзных фестываляў і конкурсаў, яны гучаць у Беларусі і за мяжой. Выканаўцы песень І. Лучанка – вакальна-інструментальныя ансамблі "Песняры", "Сябры", "Верасы", "Бяседа", выдатныя музыканты сучаснасці Віктар Вуячыч, Яраслаў Еўдакімаў, Уладзімір Мулявін, Іосіф Кабзон.

Творчая дзейнасць Ігара Міхайлавіча звязана з педагагічнай працай у Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, дзе ён выкладаў на кафедры кампазіцыі (1963–1985), а ў 1982–1985 гадах быў рэктарам. І.М. Лучанок – аўтарытэтны грамадскі дзеяч: быў абраны членам Вярхоўнага савета і народным дэпутатам СССР (1989–1991), з 1980 года па цяперашні час – старшыня Беларускага саюза кампазітараў. І.М. Лучанок узнагароджаны ордэнамі "Знак Пашаны" (1971), Дружбы народаў (1988), Францыска Скарыны (1998), Айчыны III ступені (2014), медалём ЮНЭСКА "Пяць кантынентаў" (2016), з’яўляецца уладальнікам кубка "Гонар нацыі" (2011). Творчасць І.М. Лучанка стала цэлай эпохай у развіцці музычнага мастацтва Беларусі, а яго песні ўвайшлі ў скарбніцу музычнай культуры.

На выставе прадстаўлены навуковыя артыкулы і даследчыя нарысы пра жыццёвы і творчы шлях І.М. Лучанка, даведачныя і энцыклапедычныя выданні, аўтарскія рукапісы, гуказапісы твораў, фотаздымкі кампазітара.

Экспазіцыя размяшчаецца ў каб. № 140 вучэбнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 16 ліпеня па 30 жніўня 2018 года.

СкачатьФотагалерэя

СкачатьДругія выставы бібліятэкі

все фотографии