• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава "Творца і настаўнік – Анатоль Васільевіч Багатыроў"

Выстава "Творца і настаўнік – Анатоль Васільевіч Багатыроў"

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу "Творца і настаўнік – Анатоль Васільевіч Багатыроў", падрыхтаваную да 105-годдзя з дня яго нараджэння. А.В. Багатыроў (13.08.1913–19.09.2003) – заслужаны артыст БССР (1940), заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1944), народны артыст БССР (1968), прафесар, лаўрэат Дзяржыўных прэмій СССР і БССР, ганаровы член Міжнароднай Славянскай акадэміі навук, адукацыі, мастацтва і культуры (1996), ганаровы доктар Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (2002).

Анатоль Васільевіч Багатыроў нарадзіўся ў Віцебску, скончыў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю ў класе кампазіцыі прафесара В.А. Залатарова (1937). У 1938 годзе маладога кампазітара абіраюць старшынёй праўлення Саюза кампазітараў БССР, які ён узначальваў да 1949 года. У гады Вялікай Айчыннай вайны А.В. Багатыроў працаваў у Свярдлоўскай кансерваторыі і некаторы час жыў у Маскве, у 1944 вяртаецца ў Мінск. У 1948–1962 гадах – рэктар Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі, з 1960 – прафесар. Выкладаў з 1948 года, з моманту стварэння кафедры кампазіцы ў 1967 да 1997 быў яе загадчыкам. Анатоль Васільевіч стаў адным з заснавальнікаў нацыянальнай кампазітарскай школы. Сярод яго выхаванцаў – народныя артысты СССР Я. Глебаў і І. Лучанок, народныя артысты Беларусі Г. Вагнер, Ю. Семяняка, Д. Смольскі, С. Картэс, А. Мдзівані, заслужаныя дзеячы мастацтваў Беларусі Р. Сурус, В. Войцік і многія іншыя выбітныя кампазітары.

А.В. Багатыроў – аўтар опер "У пушчах Палесся" (1939) і "Надзея Дурава" (1947), кантат "Сказка о Медведихе" (1937), "Ленинградцы" (1941), "Беларускім партызанам" (1942), "Беларусь" (1949), "Леніну слава" (1953), "Беларускія песні" (1967), "Юбілейная" (1973), "Малюнкі роднага краю" (1987), араторыі "Бітва за Беларусь" (1985), 2-х сімфоній, інструментальных канцэртаў, камерна-інструментальных і вакальных твораў, музыкі да драматычных спектакляў, кінафільмаў, радыёпастаноўцы. Яму прысуджаны Дзяржаўная прэмія СССР за оперу "У пушчах Палесся" (1941), Дзяржаўная прэмія БССР за кантату "Беларускія песні" (1969). А.В. Багатыроў узнагароджаны 3-мя ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, ордэнамі Леніна, "Знак Пашаны", "Дружбы народаў", Францыска Скарыны і інш. Шматгадовая творчая, педагагічная і грамадская дзейнасць старэйшыны беларускага музычнага мастацтва, патрыярха нацыянальный кампазітарскай школы, настаўніка некалькіх творчых пакаленняў з’яўляюцца прыкладам адданага служэння айчыннай музычнай культуры.

На выставе прадстаўлены кнігі, манаграфіі, артыкулы і даследчыя нарысы пра жыццёвы і творчы шлях А.В. Багатырова, нотныя выданні, аўтарскія рукапісы, гуказапісы твораў, фотаздымкі кампазітара. Асаблівую цікавасць уяўляе кніга "Анатолий Васильевич Богатырёв: материалы, документы, статьи о творчестве" (Мінск, 2014).

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў фае Вялікай залы вучэбнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 16 ліпеня па 19 верасня 2018 года.

СкачатьФотагалерэя

СкачатьІншыя выставы бібліятэкі

все фотографии