• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава "Марк Эмануілавіч Шнэйдэрман – кампазітар і дырыжор"

Выстава "Марк Эмануілавіч Шнэйдэрман – кампазітар і дырыжор"

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу "Марк Эмануілавіч Шнэйдэрман – кампазітар і дырыжор", прымеркаваную да 120-годдзя з дня нараджэння (16.03.1898–15.06.1981).

М.Э. Шнэйдэрман нарадзіўся ў Жытоміры (Украіна). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю ў 1930 годзе па класу аркестровага дырыжыравання прафесара М.А. Малько і народнага артыста РСФСР А.В. Гаўка. У канцы 1935 года Марка Эмануілавіча запрашаюць галоўным дырыжорам у Беларускі тэатр оперы і балета. Пад яго кіраўніцтвам былі пастаўлены балетныя і оперныя спектаклі беларускіх і зарубежных кампазітараў, сярод якіх "Салавей" М. Крошнэра, "Міхась Падгорны" і "Алеся" Я. Цікоцкага, "Тоска" і "Чыа-Чыа-Сан" Д. Пучыні, "Травіята" Д. Вэрдзі, "Канёк-Гарбунок" Ц. Пуні і інш. У 1940 годзе М. Шнэйдэрману прысвоена ганаровае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР. У 1947–1955 гады ён з’яўляўся галоўным дырыжорам і мастацкім кіраўніком сімфанічнага аркестра Беларускай філармоніі.

У 1937–1972 гады Марк Эмануілавіч выкладаў у Беларускай кансерваторыі (з 1939 – дацэнт, з 1955 – в. а. прафесара). Сярод выхаванцаў М.Э. Шнэйдэрмана – прафесар кафедры баяна і акардэона, доктар мастацтвазнаўства, прафесар В.А. Чабан, дырыжор Дзяржаўнага аркестра народных інструментаў імя І. Жыновіча С.М. Сакалоў. Марк Шнэйдэрман з’яўляецца аўтарам зборнікаў п’ес для дзяцей "Юный скрипач" і "Юный виолончелист", аркестравых, камерна-інструментальных і вакальных твораў, апрацовак беларускіх народных песень.

На выставе прадстаўлены энцыклапедычныя і нотныя выданні, навуковыя артыкулы, аўтарскія рукапісы, фотаматэрыялы, ілюстрацыі. Экспазіцыю дапаўняюць клавіры опер і балетаў беларускіх і зарубежных кампазітараў, пастаўленых пад кіраўніцтвам М.Э. Шнэйдэрмана.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 20 сакавіка па 11 красавіка 2018 года.

СкачатьФотагалерэя

СкачатьДругія выставы 

все фотографии