• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава "Песня – душа народа"

Выстава "Песня – душа народа"

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу "Песня – душа народа" ў рамках конкурсу харавых дырыжораў сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі (15–16 марта 2018 г.).  Выстава прысвечана выдатнаму дзеячу беларускай культуры, харавому дырыжору, фалькларысту Рыгору Раманавічу Шырме.

Імя Рыгора Раманавіча Шырмы (21.01.1892 – 23.03.1978) – народнага артыста БССР (1949) і СССР (1955), Героя Сацыялістычнай Працы (1977), заслужанага дзеяча мастацтваў БССР (1946), лаўрэата Дзяржаўных прэмій БССР (1966, 1974) – складае цэлую эпоху ў гісторыі нацыянальнага музычнага мастацтва. Патрыярх беларускай музыкі, майстар харавога мастацтва, руплівы фалькларыст-збіральнік, клапатлівы настаўнік-педагог Рыгор Шырма ўсё сваё жыццё ўзбагачаў духоўныя набыткі беларускага народа. Рыгор Раманавіч быў арганізатарам шматлікіх харавых студэнцкіх калектываў, песенных святаў і фестываляў, мастацкім кіраўніком і галоўным дырыжорам Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939–1970), якая з 1978 года горда носіць яго імя. Але галоўнай сферай дзейнасці Рыгора Шырмы было збіранне і апрацоўка беларускіх народных песень. Ён запісаў, гарманізаваў і апублікаваў каля 5000 песень. Сярод яго шматлікіх фальклорных зборнікаў лепшым выданнем беларускіх народных песень з нотамі за ўсю гісторыю беларускай фалькларыстыкі стаў чатырохтомнік "Беларускія народныя песні" (1959, 1960, 1962, 1976) – вынік амаль 70-гадовай творчай дзейнасці Рыгора Раманавіча. Гэтыя зборнікі і да цяперашняга часу застаюцца настольнымі кнігамі ўсіх, хто цікавіцца беларускай нацыянальнай культурай.

На выставе прадстаўлены працы Р.Р. Шырмы: зборнікі беларускіх народных песень для хору, зборнік "Песня – душа народа" (Мінск, 1993) з артыкуламі Рыгора Раманавіча па пытаннях беларускага мастацтва, фальклору і харавога выканальніцтва, фотаздымкамі і летапісам жыцця і творчасці. Выставу дапаўняюць публікацыі айчынных даследчыкаў пра дзейнасць маэстра, грампласцінкі з запісамі Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 5 па 17 сакавіка 2018 года.

СкачатьФотагалерэя

СкачатьІншыя выставы бібліятэкі

все фотографии