• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава "Васіль Андрэевіч Залатароў"

Выстава "Васіль Андрэевіч Залатароў"

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу "Васіль Андрэевіч Залатароў", падрыхтаваную да 145-годдзя з дня нараджэння рускага і беларускага савецкага кампазітара.

Заслужаны артыст РСФСР (1932) і народны артыст БССР (1949) Васіль Андрэевіч Залатароў  (07.03.1873/1872/, Таганрог – 25.05.1964, Масква) з’яўляецца адным з заснавальнікаў беларускага прафесійнага мастацтва і адукацыі. Вучань вялікіх кампазітараў-класікаў М.А. Балакірава, М.А. Рымскага-Корсакава і А.К. Лядава, В.А. Залатароў працягваў традыцыі рускай кампазітарскай школы. У 1933 годзе выдатны музыкант прыехаў у Мінск, дзе па 1941 год выкладаў кампазіцыю і музычна-тэарэтычныя дысцыпліны ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі. Вучнямі Васіля Андрэевіча былі знакамітыя беларускія кампазітары А. Багатыроў, В. Яфімаў, Д. Лукас, П. Падкавыраў, М. Крошнер, У. Алоўнікаў, Л. Абеліёвіч, музыказнаўцы І. Жыновіч, С. Нісневіч і інш. Вялікае навукова-педагагічнае значэнне маюць музычна-крытычныя артыкулы, навуковыя і метадычныя працы В. Залатарова, сярод якіх дапаможнік "Фуга" (1932), які з’яўляецца першым рускамоўным кіраўніцтвам да практычнага вывучэння фугі.

В.А. Залатароў стварыў шмат цікавых твораў, высока ацэненых музычнай грамадскасцю. Сярод іх дыпломная кантата "Рай і Пэры" (1900), удастоеная прэміі імя А. Рубінштэйна, якая да тага часу не прысуджвалася кампазітарам, опера "Дзекабрысты" (1925) – адна з першых савецкіх опер, пастаўленых на сцэне Вялікага тэатра ў Маскве, балет "Князь-возера" (1949), за які кампазітар быў узнагароджаны Сталінскай прэміяй II ступені, сімфоніі № 4 "Беларуская" (1935) і № 6 "Мая Радзіма" (1962), Беларуская танцавальная сюіта (1936), Уверцюра-фантазія на беларускія тэмы (1943), кантата "Шаўчэнкаўская сюіта" (1929), струнныя квартэты, скрыпічная саната і інш. (усяго звыш 400 твораў). Выдатныя кампазітарскія і педагагічныя дасягненні В.А. Залаторова ўпісаны ў музычную гісторыю Расіі, Беларусі і Украіны.

На выставе прадстаўлены матэрыялы і даследаванні айчынных музыказнаўцаў аб творчай і педагагічнай дзейнасці В.А. Залатарова, нотныя выданні, рукапісы і аўдыёзапісы кампазітара. Асаблівую цікавасць уяўляюць працы В. Залатарова: "Фуга. Руководство к практическому изучению" (М., 1965), аўтабіяграфічны нарыс "Воспоминания о моих великих учителях, друзьях и товарищах" (М., 1957). На выставе таксама экспануюцца раннія сачыненні кампазітара, выдадзеныя М. Бяляевым і П. Юргенсонам.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў вучэбным корпусе № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) у каб. № 140 з 16 лютага па 10 сакавіка 2018 года.

СкачатьФотагалерэя

СкачатьДругія выставы 

все фотографии