• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава да 95-годдзя Г.П. Зелянковай

Выстава да 95-годдзя Г.П. Зелянковай

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу "Шчодрасць таленту", прымеркаваную да 95-годдзя з дня нараджэння Ганны Паўлаўны Зелянковай (16.01.1923–15.02.2010).

Легенда беларускага харавога мастацтва, дацэнт (1967), заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1995) Ганна Паўлаўна Зелянкова нарадзілася і вырасла ў Ленінградзе. Скончыла Ленінградскую дзяржаўную кансерваторыю па класу прафесара А.А. Ягорава (1948) і там жа аспірантуру (1959). У 1949 г. па асабістаму запрашэнню дырэктара Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі А.В. Багатырова прыехала ў Мінск як малады спецыяліст. За гады сваёй 55-гадовай працы ў кансерваторыі ў якасці дацэнта на кафедры харавога дырыжыравання (1949–2004) Г.П. Зелянкова падрыхтавала больш за 250 вучняў. Сярод іх – народныя артысты Беларусі А.П. Кагадзеяў і М.П. Дрынеўскі, заслужаныя дзеячы культуры Рэспублікі Беларусь А.П. Лукомскі, Л.М. Іконнікава, А.М. Ігумнава, заслужаная артыстка РБ Н.У. Міхайлава і многія іншыя.

Ганна Паўлаўна стала адным з першых кіраўнікоў хору Беларускага радыё і тэлебачання (1950–1963). Аснову рэпертуару хору складалі арыгінальныя харавыя творы савецкіх і беларускіх кампазітараў, народныя песні ў апрацоўцы А. Багатырова, Д. Лукаса, П. Падкавырава, Я. Цікоцкага і інш. Створаныя фондавыя запісы калектыву пад кіраўніцтвам Г.П. Зелянковай прыцягваюць адухоўленасцю, тонкасцю інтэрпрэтацый, сапраўднай мастацкасцю і музычнасцю. Гэта запісы опер "Кветка шчасця" А. Туранкова, "Машэка" і "Марынка" Р. Пукста, "Кастусь Каліноўскі" Д. Лукаса, кантаты "Скромны і просты" Н. Аладава, "Дзень добры, Масква" А. Багатырова, хоры У. Алоўнікава, Ю. Семянякі і інш. Значным мастацкім дасягненнем хору радыё стала выкананне і запіс на грампласцінку ў 1962 г. кантаты "Свіцязянка" М. Рымскага-Корсакава.

Плённая дзейнасць Г.П. Зелянковай адзначана шматлікімі дзяржаўнымі ўзнагародамі, сярод якіх 5 медалёў, у тым ліку "За доблесную працу ў Вялікай Айчыннай вайне 1941–1945 гг." (1945), ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга (1976), спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь "За ўклад у выхаванне творчай моладзі" (1999). У сакавіку 2012 г. у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі праведзены конкурс харавых дырыжораў сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі памяці Г.П. Зелянковай.

На выставе прадстаўлены публікацыі Г.П. Зелянковай – метадычныя дапаможнікі, бібліяграфічныя даведнікі, вучэбныя планы і праграмы, нотныя зборнікі "Хоровой концерт" (Мн., 1975, 1978), складзеныя Ганнай Паўлаўнай, а таксама артыкулы пра дзейнасць Г.П. Зелянковай айчынных даследчыкаў Л.А. Раманоўскай, Р.І. Сергіенкі, Н.В. Сазановіч. Выставу дапаўняюць грампласцінкі с запісамі хору Беларускага радыё і тэлебачання.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў фае Вялікай залы навучальнага корпуса № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 16 студзеня па 15 лютага 2018 года.

СкачатьФотагалерэя

СкачатьІншыя выставы бібліятэкі

все фотографии