• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выставка к юбилею И.Д. Назиной

Выставка к юбилею И.Д. Назиной

Нотна-навуковая бібліятэка працягвае серыю тэматычных выстаў "Юбіляры Акадэміі" у рамках Года навукі і да 85-годдзя Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Выстава прымеркавана да юбілейнай даты выбітнага прадстаўніка сучаснай беларускай этнамузыкалогіі Іны Дзмітрыеўны Назінай, якая нарадзілася 31 кастрычніка 1937 года.

Шматгранную і плённую дзейнасць доктара мастацтвазнаўства, прафесара Іны Дзмітрыеўны Назінай складаюць фундаментальныя навуковыя даследаванні па гісторыі народнай і прафесійнай музычна-інструментальнай культуры Беларусі, этнамузычнай гістарыяграфіі, музычнай антрапалогіі; тытанічная экспедыцыйная праца, у працэсе якой быў узноўлены бясцэнны фонд беларускай народна-інструментальный культуры; унікальныя зборы беларускіх народных інструментаў; бліскучыя гукавыя калекцыі, высока ацэненыя міжнароднай арганізацыяй ЮНЭСКА; высокамастацкія этнаграфічныя фільмы, якія з’яўляюцца нацыянальным здабыткам і служаць дапаможнікам для студэнтаў музычных спецыяльнасцей навучальных устаноў краіны. Дзякуючы навукоўцу Іне Дзмітрыеўне захаваны і ўведзены ў навуковы абарот абшырны пласт беларускай народна-інструментальнай культуры. З 1992 года І.Д. Назіна працуе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (з 1996 па 2002 гг. – загадчык кафедры беларускай музыкі), у цяперашні час – прафесар кафедры гісторыі музыкі і музыкальнай беларусістыкі, член савета па абароне дысертацый Д 09.01.01 пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі. Сярод вучняў Іны Дзмітрыеўны – дактары мастацтвазнаўства В.У. Дадзіёмава, Н.П. Яканюк, кандыдаты мастацтвазнаўства М.І. Казловіч, Т.У. Ліхач, А.Г. Шацько. І.Д. Назіна узнагароджана медалём "Ветэран працы" (1990), Ганаровым знакам Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (1997), Спецыяльнай прэміяй года Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за высокія творчыя дасягненні ў галіне крытыкі і мастацтвазнаўства (1998).

На выставе прадстаўлены асноўныя публікацыі І.Д. Назінай: "Белорусский фортепианный концерт" (1977), "Белорусские народные музыкальные инструменты" (1979, 1982), "Белорусские народные наигрыши" (1986), "Беларуская народная інструментальная музыка" (1989), "Жаніцьба Цярэшкі" (у сааўт., 1993), "Беларускія народныя музычныя інструменты" (1997), артыкулы ў энцыклапедычных выданнях, у тым ліку ў "New Grove’s Dictionary of Music and Musicians" (1984). Выставу дапаўняюць відэафільмы І.Д. Назінай, гукавая калекцыя "Беларускі музычны фальклор": на дзвюх грампласцінках анталогіі прадстаўлены ўзоры, якія былі сабраны Т. Варфаламеевай, З. Мажэйка, І. Назінай у экспедыцыях 1960–1980 гадоў.

Экспазіцыя выставы размяшчаецца ў вучэбным корпусе № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) у каб. № 140 з 31 кастрычніка па 24 лістапада 2017 года.

СкачатьФотагалерэя

СкачатьІншыя выставы бібліятэкі 

все фотографии