• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава да Міжнароднага дня роднай мовы

Выстава да Міжнароднага дня роднай мовы

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу "Класікі беларускай літаратуры Якуб і Янка і сёння з намі", прымеркаваную да Міжнароднага дня роднай мовы і з нагоды  135-годдзя  з дня нараджэння Якуба Коласа (03.11.1882–13.08.1956) і Янкі Купалы (07.07.1882–28.06.1942).

Міжнародны дзень роднай мовы, які 21 лютага шырока адзначаецца ў свеце пад эгідай ЮНЭСКА, перш за ўсё накіраваны на тое, каб звярнуць увагу сусветнай супольнасці на неабходнасць падтрымання і захавання нацыянальных моў у сучасных умовах інтэнсіўнай міжнароднай інтэграцыі і глабалізацыі. Любая нацыянальная мова адыгрывае выключна важную ролю ў духоўным жыцці народа. Не з’яўляецца выключэннем і беларуская мова, што прайшла працяглы і складаны шлях развіцця і заняла належнае месца сярод славянскіх моў. На працягу ўсяго свайго існавання беларуская мова адыграла выключную ролю ў гісторыі беларускага народа, у станаўленні яго нацыянальнай свядомасці і дзяржаўнасці. Незвычайную сілу і моц беларускага слова выявілі народныя паэты Беларусі, заснавальнікі сучаснай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы, Янка Купала і Якуб Колас, з дня нараджэння якіх сёлета мы адзначаем 135 год. Знакамітыя песняры сваімі творамі ўзнялі беларускую літаратуру на сусветны ўзровень. Да паэтычных твораў класікаў беларускай паэзіі звяртаўся амаль што кожны кампазітар Беларусі. На словы Я. Коласа і Я. Купалы напісаны песні М. Чуркіна, Я. Цікоцкага, А. Туранкова, Р. Пукста, У. Алоўнікава, І. Лучанка, Л. Абеліёвіча і іншыя. Творчасць Я. Коласа ўзбагаціла беларускае опернае мастацтва: паводле аповесці "Дрыгва" А. Багатыровым створана опера "У пушчах Палесся", па паэме "Новая зямля" – аднайменная опера Ю. Семянякі. Па творах Я. Купалы напісаны оперы "Машэка" Р. Пукста, "Раскіданае гняздо" М. Чуркіна, балеты "Выбранніца" і "Курган" Я. Глебава, музычная камедыя "Паўлінка" Ю. Семенякі і інш.

На выставе прадстаўлены кнігі аб жыццёвым і творчым шляху Я. Купалы і Я. Коласа, энцыклапедычныя і літаратурныя выданні, паэтычныя зборнікі, навуковыя часопісы, нотныя выданні, аўдыёматэрыялы з творамі айчынных кампазітараў на тэксты народных паэтаў. Асаблівую цікавасць уяўляе факсімільнае выданне першага зборніка Я. Купалы "Жалейка" (Пецярбург, 1908).

Экспазіцыя размяшчаецца ў навучальным корпусе № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) у фае Вялікай залы (2-гі паверх) з 1 лютага па 24 лютага 2017 года.

все фотографии