• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава да 25-годдзя кафедры беларускай музыкі

Выстава да 25-годдзя кафедры беларускай музыкі

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу "Да 25-годдзя кафедры беларускай музыкі".

Кафедра беларускай музыкі была ўтворана ў 1991 годзе і акумулявала навуковыя сілы для разгортвання даследаванняў у галіне музычнага беларусазнаўства. Вынікі 25-гадовага перыяду дзейнасці кафедры прадстаўляюць навуковыя, метадычныя і вучэбныя працы яе прадстаўнікоў розных пакаленняў, сярод якіх Г.С. Глушчанка, Т.С. Якіменка, Л.П. Касцюкавец, В.А. Антаневіч, І.Д. Назіна, В.У. Дадзіёмава, Т.У. Ліхач, Н.Я. Бунцэвіч, Т.Л. Бярковіч, Л.Ф. Баранкевіч, Г.А. Паласмак. У зборніках розных гадоў змешчаны артыкулы аспірантаў кафедры К.С. Бандарэнкі, С.М. Немагай, У.В. Неўдаха, Н.І. Дожынай, Т.Л. Канстанцінавай, В.М. Прыбыловай, К.М. Крывашэйцавай, Н.А. Капыцько, К.А. Чарновай і інш. Публікацыі адлюстроўваюць асноўныя навуковыя напрамкі, разгорнутыя на кафедры і звязаныя з вывучэннем вуснатрадыцыйнай (песеннай і інструментальнай) культуры, рукапісных помнікаў музычнай культуры, літургічнай музыкі, кампазітарскай творчасці Беларусі розных стагоддзяў. Асобную "лінію" выставы складаюць выданні матэрыялаў Навуковых чытанняў памяці Л.С. Мухарынскай. Чытанні былі ініцыяваны кафедрай у 1992 г., зборнікі выходзілі з 1996 па 2005 гг. Яркай па задуме і ўвасабленні паўстае серыя "Беларускі музычны фальклор у даследаваннях маладых этнамузыколагаў" (вып. 1–5, 1991–2013 гг.). У асноўным раздзеле экспазіцыі прадстаўлены манаграфіі, вучэбныя дапаможнікі, хрэстаматыі, вучэбныя праграмы, аўтарэфераты выкананых на кафедры кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый. Значную частку выставы займаюць навуковыя артыкулы па пытаннях этнамузыкалогіі, гісторыі і тэорыі беларускай музыкі, апублікаваныя ў розных выпусках серыі "Навуковыя працы Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі" і навукова-тэарэтычным часопісе "Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі".

Выстава арганізавана ў рамках Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Актуальныя пытанні развіцця музычных здольнасцяў" (30.11.–02.12.2016). Яе экспазіцыя будзе размяшчацца ў навучальным корпусе № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) з 30 лістапада па 15 снежня 2016 г.

все фотографии