• Перейти на главную
  • Карта сайта

Выстава да 125-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча

Выстава да 125-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча

Нотна-навуковая бібліятэка прадстаўляе тэматычную выставу "Вянок Максіму Багдановічу", прымеркаваную да 125-годдзя з дня нараджэння беларускага паэта (09.12.1891–25.05.1917).

Максім Багдановіч – выдатны паэт і празаік, таленавіты публіцыст, літаратурны крытык, адзін з заснавальнікаў навуковай гісторыі беларускай літаратуры. Ён пражыў няпоўных 26 гадоў, але за гэты час пакінуў глыбокі след у культурна-літаратурнай спадчыне Беларусі. Першы і адзіны прыжыццёвы зборнік вершаў паэта выйшаў у 1916 г. і атрымаў назву "Вянок". У гэтай кнізе знайшлі адлюстраванне і цесна перапляліся тэма любові да свайго народу і яго нялёгкага лёсу, прадчуванне хуткай смерці і любоўная лірыка. Асаблівае месца ў жыцці і творчасці М. Багдановіча займала музыка. Ёю прасякнуты вершы, шматлікія апавяданні і нарысы, літаратурна-крытычныя артыкулы і публіцыстыка, а таксама спецыяльныя нататкі і рэцэнзіі, прысвечаныя музычнаму мастацтву. Паэт даследаваў пытанні ўзаемаадносін зместу і нацыянальнай формы, зліцця паэтычнага слова і музыкі, развіцця сусветнай музычнай культуры. Мілагучнасць паэзіі М. Багдановіча, музычнасць пабудовы саміх паэтычных строф, стылізацыя вершаў у традыцыях народных песень вабілі амаль што кожнага беларускага кампазітара. Натхнёныя радкі вершаў беларускага паэта ляглі ў аснову шэрагу вакальных твораў Н. Аладава, А. Багатырова, А. Туранкова, Л. Абеліёвіча, Я. Глебава, І. Лучанка, Ю. Семянякі, Г. Гарэлавай і іншых. Шырокую папулярнасць атрымаў верш "Зорка Венера", які адразу пасля публікацыі быў пакладзены на музыку С. Рак-Міхайлоўскім і атрымаў другое жыццё, зрабіўшыся народнай песняй. Узгадаем і аднайменную оперу Ю. Семянякі, звязаную з жыццём, творчасцю і паэзіяй М. Багдановіча. Творчасць выдатнага паэта любяць не толькі ў Беларусі, але і далёка за яе межамі.

На выставе прадстаўлены кнігі аб жыццёвым і творчым шляху Максіма Багдановіча, зборнікі вершаў, музычна-крытычныя артыкулы, навуковыя часопісы, нотныя выданні, аўдыёматэрыялы з музычнымі творамі беларускіх кампазітараў на тэксты айчыннага паэта.

Экспазіцыя размяшчаецца ў навучальным корпусе № 1 (вул. Інтэрнацыянальная, 30) у фае Вялікай залы (2-гі паверх) з 17 лістапада па 17 снежня 2016 года.

СкачатьСайт "Максим Богданович"

СкачатьДзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

все фотографии