Экспедыцыйна-палявыя даследаванні

Галоўная Уверх Агляд сайта

 

Экспедыцыйна-палявыя даследаванні

Сярод форм правядзення палявых даследаванняў Акадэміі музыкі значнае месца належыць экспедыцыям ў рамках летняй практыкі студэнтаў музыказнаўчага і кампазітарскага аддзяленняў. Іх вылучае суцэльнае, на аснове рэкагнасцыровачных і паўторных выездаў, пераважна франтальным ахопе аб'ектаў назірання, абследаванне беларускай этнічнай тэрыторыі. Геаграфія экспедыцый ахоплівае большую частку сучаснай адміністратыўнай тэрыторыі Беларусі, а таксама некаторыя сумежныя раёны Смаленскай, Пскоўскай і Кіеўскай абласцей.

Кіраўнікамі студэнцкіх экспедыцый у розныя гады выступалі Л.С. Мухарынская, Л.Н. Фёдараў, Т.С. Якіменка, Л.П. Касцюкавец, І.Дз. Назіна, Т.С. Ляшчэня, Т.Л. Бярковіч, М.І. Казловіч, Т.Л. Канстанцінава, В.М. Прыбылова, К.М. Крывашэйцава. Спецыялізаваныя экспедыцыі, звязаныя з даследаваннем музычнай традыцыі яўрэяў-ліцвакоў, праводзіліся Н.С. Сцяпанскай і Дз.В. Сляповічам, экспедыцыі па вывучэнні беларускай народнай інструментальнай культуры – І.Дз. Назіной.

Змест і вынікі экспедыцыйна-палявой работы этнамузыколагаў Акадэміі музыкі, актуальныя пытанні фіксацыі, захоўвання, апрацоўкі і сістэматызацыі фондаў этнамузыкі штогод асвятляюцца на старонках перыядычнага выдання Студэнцкага навукова-творчага таварыства "Веснік СНТТ Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі" і ў шэрагу іншых выданняў.

Укараненне вынікаў экспедыцыйных даследаванняў. Усе тэарэтычныя, навукова-практычныя, фонаграфічныя, аўдыёвізуальныя і іншыя матэрыялы, атрыманыя ў ходзе этнамузыкалагічных даследаванняў музычнай культуры Беларусі, укараняюцца ў вучэбны працэс.

Адзін з напрамкаў звязаны з распрацоўкай мультымедыйных праектаў. У іх ліку – электронная база дадзеных па ўсім комплексе беларускай масленічнай традыцыі (аўтар В. Прыбылова, вынікі апублікаваны ў выданні "Весці Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі", 2005, № 7); web-старонкі па матэрыялах экспедыцыі 2006 г. ў Жлобінскі раён Гомельскай вобласці (аўтар К. Крывашэйцава), мультымедыйная прэзентацыя матэрыялаў экспедыцый 2006–2007 вучэбнага года (падрыхтавана кіраўнікамі экспедыцый В. Прыбыловай, К. Крывашейцавай, Т. Бярковіч і праведзена ў рамках ХVI Навуковых чытанняў памяці Л.С. Мухарынскай 27 красавіка 2007 г.).

 

Музычна-этнаграфічныя экспедыцыі 20072008 навучальнага года.

У Слуцкім раёне Мінскай вобласці з 30.06–13.07.2008 г. працавалі групы студэнтаў Акадэміі музыкі пад кіраўніцтвам Т.Л. Бярковіч і В.М. Прыбыловай. Экспедыцыя мела метай вывучэнне сучаснага стану этнамузычнай традыцыі Случчыны, папаўненне кантэкстуальных звестак аб гучаннях, якія складаюць змест Слуцкай калекцыі Фонаархіва этнамузыкі (экспедыцыі пад кір. Л.П. Касцюкавец 1970-х гг., І.Л. Сіневіч – 1989 г.). Групы Т.Л. Бярковіч у складзе музыказнаўцаў Насці Вікторчык, Кацярыны Крэнь, Аліны Рагачовай, Элеаноры Кузінай, студэнтак аддзялення кампазіцыі Вікторыі Спарыш і аддзялення фартэпіяна Алены Гуцінай, Ірыны Пяткевіч абследавалі 8 вёсак раёна: Чыжоўку, Вялікую Сліву, Вясею, Вялікае Быкава, Чапліцы, Мярэшына, Прошчыцы, Селішча. Былі апытаны 29 інфарматараў. Групамі пад кір. В.М.Прыбыловай абследавана 13 вёсак (Акцябр, Цэлевічы, Паўстынь, Серагі, Падліпцы, Заполле, Рабак, Працэвічы, Ісерна, Казловічы, Ізбудзішча, Вясея, Вялікае Быкова, Васілінкі). У цэлым былі ахоплены цэнтральная, паўднёвая і паўднёва-ўсходная тэрыторыі раёна. Назапашаныя этнаграфічна-музычныя матэрыялы (фоназапісы ў аб’ёме 14 міні-дыскаў, 7 дат-касет, фотаздымкі, відэаматэрыялы) папаўняюць навуковую базу каштоўнымі ўзорамі этнапесеннай культуры Случчыны, шматлікімі звесткамі кантэкстуальнага характару, што дае магчымасць шматбаковага раскрыцця асаблівасцей этнамузычнай культуры паўднёвай Міншчыны праз комплексна арыентаваныя этнамузыкалагічныя даследаванні. Публікацыя Таццяны Гусевай аб экспедыцыі змешчана ў “Інфа-Кур’еры” ад 23 ліпеня 2008 (інрэрнет-рэсурс: http://kurjer.info/2008/07/23/pesni-babushek-mogut-ispolnit-“pesnyary”/).

Экспедыцыю ў Горацкі раён Магілёўскай вобласці ўзначальвала прафесар кафедры беларускай музыкі Л.П. Касцюкавец (пры ўдзеле метадыста Л.Ф.Баранкевіч). Мэтай было суцэльнае абследаванне тэрыторыі раёна. З 30 чэрвеня па 14 ліпеня 2008 г. былі наведаны вёскі Стараселле, Аўсянка, Добрае, Рэкотка, Машкова, Аніковічы, Маслакі, пас. Варкава, Горы, Нікуліна, Паршына, Рэкта, Кварцяны, Буды, Маісеева, Леніна. Усяго запісана 408 адзінак песенных і інструментальных узораў. У кола фіксацый увайшлі "вясноўскія", "купальскія", жніўныя, "восеньскія", "мікольскія" (скокавыя), "зімовыя" (жартоўныя сямейна-пабытовага зместу), карагодныя, "свадзбенныя", "ксцінныя", галашэнні, калыханкі, гістарычныя, застольныя (бяседныя), любоўныя лірычныя, частушкі, прыпеўкі з танцам, балады, духоўныя вершы, канты (псальмы), ражджастоўскія псальмы-калядкі і інш. Назапашаныя матэрыялы значна папоўнілі Горацкую калекцыю Фонаархіва этнамузыкі, якая ўключала да гэтага матэрыялы экспедыцый Л.В. Зыкавай (1989 г.), Т.Л. Бярковіч (1999 г.).

 

Музычна-этнаграфічныя экспедыцыі 20082009 навучальнага года.

Экспедыцыя ў Мёрскі раён Віцебскай вобласці (27.06–07.07.2009).

Матэрыял падрыхтавала кіраўнік экспедыцыі Т.Л. Бярковіч, кандыдат мастацтвазнаўства, загадчык кабінета народнай музыкі.

      Экспедыцыя ажыццяўлялася сумесна прадстаўнікамі трох устаноў: Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (група студэнтаў-беларусістаў пад кіраўніцтвам канд. мастацтв., дацэнта, загадчыка кабінета народнай музыкі Т.Л. Бярковіч), Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору НАН РБ (мал. навуковы супрацоўнік Т.Л. Канстанцінава), Латвійскай акадэміі музыкі імя Я. Віталса (група, узначаленая прарэктарам Андай Бейтанэ). Выдатная задума – аб’яднаць сілы беларускіх і латвійскіх этнамузыколагаў у правядзенні экспедыцыйна-палявых даследаванняў на тэрыторыі памежнай з Латвіяй Мёршчыны – была паспяхова рэалізавана дзякуючы намаганням кіраўніцтва двух устаноў і, канешне ж, саміх удзельнікаў. Абмен вопытам методыкі і практыкі экспедыцыйнай работы прахадзіў у працэсе работы двух пошукавых груп, узначаленых Т.Л. Бярковіч і Т.Л. Канстанцінавай.

Экспедыцыя дала унікальную магчымасць погляду на этнамузычную традыцыю Мёршчыны з “абодвух бакоў”, абмену вопытам і ведамі па самых розных прафесійных аспектах экспедыцыйна-палявой, вучэбнай, навукова-даследчай работы. Асноўнай мэтай экспедыцыі стала комплексная франтальная фіксацыя сучаснага стану песеннай і інструментальнай традыцыі Мёршчыны. Першаступеннай задачай выступіла аднаўленне этнаграфічнага кантэксту змешчанай у Фонаархіве этнамузыкі БДАМ “Мёрскай калекцыі” фоназапісаў, якую на момант падрыхтоўкі экспедыцыі складалі экспедыцыйна-палявыя фоназапісы 1968–69 гадоў з асабістага архіва С.С. Панізніка (перададзены ў 2008 г.), фоназапісы 1970—90-х гадоў, якія выконваліся экспедыцыямі БДАМ пад кіраўніцтвам Т.С. Якіменка, С.І. Мыцько, Дз.В. Касцюкаўца. Багатая і яркая паводле адлюстравання жанравага і этнафанійна-выканальніцкага фонду этнамузычнай традыцыі Мёршчыны, існуючая фонакалекцыя амаль не ўтрымлівала слоўных каментарыяў і расповедаў носьбітаў традыцыйнай культуры, што стварала цяжкасці ў атрыбутацыі напеваў і складала неабходнасць узнавіць дадзены пласт інфармацыі. Другой спецыяльнай задачай стала выяўленне характару пашырэння тыпаў каляндарных і сямейна-абрадавых напеваў.

Маршрут экспедыцыі быў выпрацаваны такім чынам, каб ахапіць усходнюю, захаднюю і паўночную часткі раёна вакол балот Ельня і Мох, якія займаюць даволі абшырную цэнтральную тэрыторыю сучаснай Мёршчыны, утвараючы гідралагічны заказнік рэспубліканскага значэння. На захадзе раёна былі абследаваны вёскі Наўгароды, Мілейкі, Пестуны, Дзянісава (Дзянісова), на поўначы – Чурылава Дальнее (хутар Харушова), Павяцье, Далгінава, Латышы, Лявонпаль. Паўднёвы усход раёна прадстаўлены запісамі з вёсак Язна, Клімяты, Іст.

Карціна размеркавання песеннага і этнаграфічнага матэрыяла яшчэ чакае свайго абагульнення. Аднак зразумела, што ўстойлівасць у часе каляндарнага і сямейна-абрадавага пласту напеваў як сістэмная рыса песеннай культуры Беларускага Паазерья па-ранейшаму застаецца вызначальнай у традыцыі Мёршчыны.

Сучасны стан функцыянавання каляндарных песенна-абрадавых практык найбольш дзейсна раскрываюць велікодныя абходныя віншаванні, якія захоўваюцца ў мясцовых традыцыях амаль паўсюдна ў выглядзе мужчынскіх па генезісе абходных віншаванняў з “Хрыстосам” і дзіцячых з “Алялюяй”. Некалькі разнавіднасцяў “Хрыстоса” – “маскоўскі”, “рускі”, “беларускі” – вылучаюцца ў песенна-тыпалагічным плане і прадстаўлены трыма тыпамі валачобных. “Хазяйскі” і “дзявоцкі” “Хрыстос”, як правіла, адрозніваюцца паводле выканання – пад вокнамі і ў хаце.

 Далей прыводзіцца фрагмент запісу групай пад кір-м Т.Л. Канстанцінавай на хутары Харушова (в. Чурылава Дальнее) ад Шук Зоі Міхайлаўны (1942 г.н.), Адамовіч Феадосіі Віктараўны (1943 г.н.), Шчаснай Іларыі Віктараўны (1931 г.н.), Шук Софьі Аляксандраўны (1930 г.н.) – вядзе расповед і пачынае спеў, Цярэшка Зоі Антонаўны (1928 г.н.) (на здымку злева направа):

– Вялікадня…  вот там ужо і цяпер ходзюць. Там “Хрыстос”, там “Алялюю”. Абіза-ацільна пад вокнамі. І ціпер ходзюць у нас. Вот. Такая мода. “Хрыстос” пяюць… а хто “Лялюю”, хто “Хрыстос”. І малыі во рыбяты і ходзюць во… хто… (Ш.С.)

– Паспявайце нам “Хрыстос” (К.Т.)

– “Хрыстос”? /…/ А ну “Хрыстос” тада кароцінька тада давайце (Ш.С.)

– Караценька?

– Кароценька.

Пайдзём, братцы, мы в гэтат(ы) дзень…

Храстос васкрэс, Сын(ы) Божа!

Павісялём добрах(ы) людзей…

Храстос васкрэс, Сын(ы) Божа!

Гаспадару славім пану…

Храстос васкрэс, Сын(ы) Божа!

Мы падходзім пад аконца…

Храстос васкрэс, Сын(ы) Божа!

Пад аконца на ўсход сонца..

Храстос васкрэс, Сын(ы) Божа!

Што дзеіцца-паводзіцца…

Храстос васкрэс, Сын(ы) Божа!

Што за вашым за палацам… 

Храстос васкрэс, Сын(ы) Божа!

 

 

 

Лакотка Зінаіда Фёдараўна (1929, нар. у в. Беларуская) з вёскі Мілейкі:

– Ну на Пасху ж абізацільна ужо гэта. А начынаць гэтат даўнейшы “Хрыстос” ніхто ня ўмеў, я толька адна. Ну, дак яны тады да мяне ўжо ідуць, ну і тады ідзём. /…/ "(а) Гаспадару, слаўны пану", а ўсе падхватывалі “Хрыстос, Сын Божый”. Усе падхватавалі, я толька начынала.

 

Ці спіш-ляжыш, спачываіш? /…/

Хрыстос, Сын Божый.

Калі спіш, дык прабудзіся.

Хрыстос, Сын Божый.

Устань рана-ранюсінька,

Хрыстос, Сын Божый.

Мыйся бела-бялюсінька.

Хрыстос, Сын Божый.

Глянь в аконца на ўсход сонца,

Хрыстос, Сын Божый.

В тваім дварку як у вянку:

Хрыстос, Сын Божый.

Пчолы шумяць, рыка плывець.

Хрыстос, Сын Божый.

Ля той ракі цырква стаіць,

Хрыстос, Сын Божый.

А ў той цэрквы сам Бог сядзіць… 

Хрыстос, Сын Божый.

Веснавыя абрадавыя практыкі прадстаўлены на Мёршчыне выхадамі ў жыта на Юр’еў дзень. З песенных фіксацый вылучым вяснова-купальскі тып з рэфрэнам “А-то-то”, каменціраваны як “жытняя”, “пад жыта з гармонікам ідуць і пяюць” (“Вісна-красна, што ты нам прынісла, а-то-то”). Уласна “вісна” прадстаўлена ў экспедыцыйных запісах 2009 года адзінкавым песенным узорам з баладным сюжэтам пра малойца (“Ў чыстым полі пад белай бярозай”).

Ніна Канстанцінаўна Санько (1919 г.н., нар. у в. Парадні, праваслаўная), старэйшы інфармант, узнавіла ўзор веснавой балады. Прыведзены далей заключны фрагмент балады працягваецца яе каментарыем, які раскрывае нерушнасць у свядомасці носьбітаў традыцыі часава-функцыянальнай абумоўленасці каляндарнай мелатворчасці:

Мамка плачаць ат веку да веку,

Жонка плачаць ад году да году,

Сістра плачаць ат рання да’беду.

– Вот гэта вісна…

– А калі вясну пачыналі пець?

– Вясну? Ну вот вясной там і піялі… У нас ні пяюць гэдак… Вот я чую цяпер хоць калі пяюць: Купалінка, купалінка, а дзе ж твая матка ці дочка… А гэта… а у нас купальню… купальскіі песьні толька на купальню піялі, болей ніколі, як гэтага… як хадзілі па купальню. Жнíва – як жыта жалі піялі. Я цяпера хоць і… калі захочуць – тады пяюць. Па цілівізару чуваць… /…/”

Купальскі рэпертуар складае яшчэ адну ўстойлівую частку этнапесеннага фонду Мёршчыны. Ён дастаткова аб’ёмісты па песенных варыянтах, узнаўленню якіх спрыяў і час запісу напярэдадні купалля. Трывала бытуюць ў розных вёсках (у розных тэкставых варыянтах) тыпы напеваў “Пірад Пятром пятым днём”, “Ляцеў чыжак ціраз рынак”, “Пятрова ночка маленька”.

Асаблівасць жніўнага і восеньскага песенных цыклаў Мёршчыны складае размытасць іх межаў. Устойліва ўтрымліваюцца ў памяці старэйшых жанчын дажынкавые “райковыя” напевы. Напевы тыпу з абрамленнем (“Выйдзі, выйдзі, наша гаспадынька раненька на ніўку, выйдзі, выйдзі”, “Рада, рада наша пірапёлка”) атрыбутуюцца і як дажынкавыя, і як “жніво”. Напевы з уключаным рэфрэнам “рана-рана” каменціруюцца як жніўныя (“Павейце ветры (2), рана-рана, па чыстам полю”) і як ярына (“А ў цёмнам лесі мядзведзь рыкае, рана-рана, мядзведзь рыкае”). З восеньскіх зафіксаваны ўзор “када лён ірвалі” (“На гары лён”).

У вёсцы Дзянісава (Дзянісóва), якая знаходзіцца амаль каля самага балота Ельня, засталося ўсяго дзве хаты. Мароська Фаіна (Фаня) Сямёнаўна (1927 г.н.) разважае: 

…Эта каб вярнулася б усё даўнейшае, як па-даўнейшаму… Н’але ж цяперака даўнейшых людзей мала асталося… нас мала асталосі… Вот у Мюхах тамака дзве бабы – там ніхто не павучыць, у Сухавежы тожы ніхто ні павучыць… гэтага, там, маладыі бабы… Ды й нет саўсём такіх людзей ужо! Нету людзей, усе паўміралі. Тока я і ішо адна, я бадзяюся і Аксіння Мароська. Тожа ш песельніца. І гэта… і гэта.. дзве… Я ж кажу, да мяне… летась прыяджалі, але праз свадзéбныя толька паталісі…”.

Менавіта яна ўзнавіла той адзіны ўзор жніўнай:

– Я ўжо і забылася як… Болей гэна як яравое, а як жыта жаць…

Арэхав’я зялёная,

арэхав’я зялёная ціраз тын на вуліцу,

З-пад таго арэхаўя,

з-пад таго арэхаўя сівы кон(і) вылітаіць…”

 

 Напевы “талакі” фіксаваліся на Мёршчыне ў розным часавым замацаванні – веснавым, летнім (перад Янам, пасля Яна), восеньскім.

Калядныя фіксацыі гэтай экспедыцыі ўключылі адзінкавы рэчытатыўны узор “Каліда, каліда, дайце нам пірага”. А вось гучанні і апісанні “Жаніцьбы Цярэшкі” (яе адметнасць на Мёршчыне складае перакручванне пар) фіксаваліся тут неаднойчы.

Сямейна-абрадавы песенны цыкл вылучаецца на Мёршчыне багаццем структурна-рытмавага і меладычнага ўвасаблення напеваў “свадзебных” і хрэсьбінных. У свадзебным цыкле зафіксавана выкананне песень “з заваротамі”, калі кожная група (пара) жанчын выконвае адзін песенны радок па чарзе. З этнаграфічнага комплексу свадзьбы ўразілі апісанні таго, як прыданыя (сваты з боку маладой) у адказ на брахлівыя прыпеўкі “ламалі лаўкі” – скакалі па лавах, покуль тыя не паламаюцца.

“Хрэзьбіны” на Мёршчыне асабліва багаты паводле структурна-тыпалагічных праяў і інтанацыйнасці. Зразумець інтанацыйную адметнасць хрэзьбінных напеваў заходняй тэрыторый Мёршчыны далі магчымасць запісы з вёскі Пéстуны, сугучныя паўночным лявонпальскім гучанням з архіва С. Панізніка.

Наступны фрагмент размовы – з Лідзіяй Антонаўнай Бунта (1928, родам з в. Казлы – “дзе Чэрасы, каля Моху” – вёска не існуе, была спалена немцамі) і Зінаідай Васільеўнай Бунта (загадчык ДК в. Пестуны): 

– А вазілі у вас бабу?

– А бабу вазілі, да (Б.Л.)

– У нас возюць і цяпер (Б.З.)

– І ціпер возяць!

– Хто у тачке, хто у… (Б.З.)

– Пасадзюць, вязуць і пяюць ей! Бабе гэтай. А яна зь мятлой сядзіць на вазе! (смяецца) на вазе… абхахатацца… зь мятлой сядзіць… ну і бабу эту трасуць… (Б.Л.)

– І што пелі, як яе вязьлі?

– Бабе што піялі?

Кудрава верба у саду, багата бабка у раду.

Кудрава верба – ламалі, багату бабку віталі.

– Во такую піялі, але гэтай… ні далгая яна”. 

Сабраны матэрыял сведчыць аб тым, што ў памяці носьбітаў песеннай традыцыі Мёршчыны (жанчын 80–90 год, у меньшай ступені – 70 год) на сёння яшчэ захоўваецца большасць каляндарных і сямейна-абрадавых тыпавых напеваў, вядомых па архіўных фондах і публікацыях.

Фіксацыя інструментальнага фонду этнамузычнай традыцыі Мёршчыны ўключыла акрамя ўласна танцавальных і песенных найгрышаў апісанні танцаў з паказамі і разважаннямі носьбітаў традыцыі:

Ну вот хто да чаго спасобен… Хто чым адароны, каму што Бог даў… Адзін танцуіць – правільна польку танцуіць. Ну у яго ногі ат зямлі ні атрываюцца, і з гэтым танцаваць – як вагон цягнуць. А другі танцуіць – нага пішаць, кажыцца ні датыкаіцца дажа да зямлі. Вот гэта адароная, гэта… не то што сам наўчыўся… а гэта вот… так адарона Богам ужо” .

(Зап. група пад кір-м Т.Л.Бярковіч у в. Іст ад Зінаіды Фёдараўны Людскай (1927 г.н., в. Рунполле), на здымку справа.

 

“Полька” у выкананні Івана Іосіфавіча Кашпура (1950 г.н., родам з в. Рачнево) (запіс ў вёсцы Павяцье) 

 

Экспедыцыйная вандроўка па Гомельскім раёне (26.0606.07.2009).

Матэрыял падрыхтавала кіраўнік экспедыцыі В.М. Прыбылова, кандыдат мастацтвазнаўства, метадыст кабінета народнай музыкі)

Ідэя экспедыцыйнага выезду з групай студэнтаў-музыказнаўцаў і кампазітараў у Гомельскі раён паявілася ў выніку знаёмства з кнігай “Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна” (Гомель, 2007). Такія выданні, у якіх даюцца звесткі па абрадам, звычаям, песенным сюжэтам, важныя для разумення спецыфікі этнапесеннай традыцыі таго ці іншага куточка Беларусі. Аднак, у выпадку дадзенага выдання, у мяне, як у этнамузыколага, які звыклы да ўспрыняцця старажытнай музычнай культуры беларусаў сістэмна, з вылучэннем у якасці візітнай карткі пэўнага этнарэгіёна альбо лакала асобай структуры песенна-абрадавага земляробчага цыкла, узнікла шэраг пытанняў. Адсутнасць у названай кнізе натацый увогуле не дае магчымасці стварыць уяўленне аб музычным боку фальклорнай спадчыны Гомельскага раёна.

У межах музычнай фальклорна-этнаграфічнай практыкі студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі абследаванне Гомельскага раёна Гомельскай вобласці праводзілася ўпершыню. За тэрмін экспедыцыі было абследавана 15 вёсак (Аздзеліна, Грабаўка, Даўгалессе, Жгунь, Клімаўка, Макаўе, Межы, Міхалькі́, Новыя Цярэшкавічы, Пясочная Буда, Рагі́, Церухá, Дуянаўка, Цыкуны, Старая Беліца), якія пазначаюць тэрыторыю раёна пераважна "ніжэй" Гомеля (за выключэннем паўночных у межах раёна вёсак Аздзеліна, Рагі і Старая Беліца).

Этнаграфічна-музычныя матэрыялы экспедыцыі склалі 460 пазіцый рэестра (зафіксаваны на 14 СД аб’ёмам каля 18 гадзін гучання). Яны ўключаюць не толькі каштоўныя ўзоры этнапесеннай культуры Гомельшчыны, але і даволі поўна адбіваюць традыцыйную музычную спадчыну вёсак Дзернавічы і Грыдні Нараўлянскага, вёсак Глухавічы, Багушы і Нудзічы Брагінскага, вёсак Слабада і Янова Веткаўскага раёнаў, успаміны аб звычаях старажылаў в. Новы Крыўск Рагачоўскага р-на Магілёўскай вобл. Усе гэтыя звесткі фіксаваліся ад перасяленцаў, якія трапілі ў Гомельскі раён пасля Чарнобыльскай аварыі, пра наступства якой Алена Іванаўна Кавальчук (1930 г.н.), перасяленка з в. Грыдні Нараўлянскага р-на, сказала, што “гэта горш вайны”. Як адзначылі студэнты Таццяна Лясько, Настасся Буряк і Настасся Вікторчык у экспедыцыйным дзённіку, “узоры, занатаваныя ад гэтых спявачак, з’яўляюцца асабліва важнымі, бо яны рэпрэзентуюць традыцыйную культуру тых мясцін Беларусі, якія на сённяшні дзень з’яўляюцца нежылымі”.

Запіс на тэрыторыі Гомельшчыны аўтахтонаў з розных, хоць і недалёкіх мясцін, стварыў спрыяльныя ўмовы для таго, каб адчуць спецыфічныя рысы этнапесеннай традыцыі паўднёвай і паўднёва-ўсходняй Гомельшчыны ў яе лакальнай разнастайнасці.

Дастаткова звярнуць увагу на манеру выканання калядных напеваў (пазначаюцца спевакамі як “калядная”, або “шчадруха”, “шчодрык”), на іх меладыйныя асаблівасці, каб заўважыць стрыманасць, павольнасць, нават эпічнасць, інтанацыйную мелізматычнасць у версіях тутэйшых спявачак (напрыклад, у выкананні Марыі Васільеўны Альшанавай, 1926 г.н., в. Міхалькі) і энэргічнасць, рытмавую пругкасць, дынамізм у спявацкіх варыянтах, зафіксаваных ад перасяленцаў. Працягам праяўлення эмацыянальна кантрастнага (у параўнанні з мясцовым) увасаблення калядных святаў стала прадэманстраваная Аляксандрай Ціханаўнай Гануш (1938 г.н.) і Марыяй Мікалаеўнай Сяргейчык (1936 г.н., в. Глухавічы Брагінскага р-на) дзея з казой, якую ў Брагінскім раёне абавязкова праводзілі ў хаце пры святочным наведванні аднавяскоўцаў “на шчадруху”.  

Відэа 1. Спявае Марыя Васільеўна Альшанава

 

Відэа 2. Аляксандра Ціханаўна Гануш і Марыя Мікалаеўна Сяргейчык

Меўшы ідэяй правесці своеасаблівае паўторнае (калі першым лічыць знаёмства з фальклорам Гомельскага р-на па друкаванай крыніцы) абследаванне раёна, мы выпрацоўвалі маршрут такім чынам, каб знайсці тых інфарматараў, якія ўзгадваюцца ў кнізе. Спрэчныя для мяне звесткі так і не былі ўдакладнены, бо людзей, каму належылі прадстаўленыя матэрыялы, мы не знайшлі. Іх увогуле старажылы не ўзгадалі. Але ў большасці выпадках сустрэчы са спевакамі, якія ўжо падзяліліся сваімі ведамі з іншымі збіральнікамі, адбыліся. І па выніках нашай экспедыцыйнай вандроўкі можна скласці аўдыё- і відэададатак да збору "Народная духоўная спадчына Гомельскага раёна". На жаль, шмат хто з жанчын ужо пайшоў з жыцця. І неаднойчы ўзнікаў сумнеў аб магчымасці зрабіць паўнавартасны запіс размовы з яшчэ на шчасце жывымі спявачкамі. У в. Аздзеліна загадчык вясковым ДК прывяла нас да Ірыны Фёдараўны Калбасавай (1919 г.н.). Слабы голас, сталы ўзрост. Чаго можна было чакаць? Але, прывёўшы нас да Надзеі Ісакаўны Соіч (1935 г.н.), 90-гадовая Ірына Фёдараўна паказала такі ўзровень традыцыйнага спеўнага мастацтва, што хацелася нават спыніць дыханне, каб незнарок не перашкодзіць гэтаму моманту адкрыцця.

Відэа 3. Спяваюць Надзея Ісакаўна Соіч (злева) і Ірына Фёдараўна Калбасава (справа)

Штосьці падобнае адбылося і ў в. Грабаўка, калі мы завіталі да Праскоўі Сямёнаўны Афонінай (1937, в. Маркавічы). Жанчына узімку перанесла інфаркт і размаўляла з вялікай цяжкасцю. Але праз пэўны час, за які мы паспелі дайсці да суседняй хаты Надзеі Васільеўны Гуцавай (1944, в. Слабада Веткаўскага р-на) і пачаць размову з ёй, Праскоўя Сямёнаўна сама падышла да нас і паклікала да сябе ў хату. У працэсе далейшай размовы адбылося сапраўднае пераўтварэнне Праскоўі Сямёнаўны.

Відэа 4. Спявае Праскоўя Сямёнаўна Афоніна

У экспедыцыі былі зроблены багатыя фіксацыі напеваў раннетрадыцыйнага пласту веснавых загуканняў, веснавых тыпу "страла", "як русалку вадзілі", напеваў "жніва", "шчадрух", "калядных", напеваў вясельнага рытуалу з вылучаным асобна і музычна аформленым абрадам завівання маладой), узораў позднетрадыцыйнага і сучаснага пластоў "дзеравенскіх колі́шніх песень", салдацкіх, ваенных, "бабскіх", песень з баладным сюжэтам, "сальм", вялікай колькасці лірычных, сямейна-пабытовых. Іх выкананне, якое суправаджалася разгорнутымі каментарыямі, дала уяўленне аб асаблівасцях сумеснага спявання, бо ў палове выпадкаў сустрэч са спевакамі атрымоўвалася сабраць адначасова некалькі жанчын, якія, у выніку, прадэманстравалі характэрнае для дадзенай мясцовасці спяванне з падводкай.

Аханькова Таццяна Лук’янаўна (1932 г.н.) і яе дачка Ева Міхайлаўна Жгельская (1951 г.н.), перасяленки з в. Янова Веткаўскага р-на.

 

Шэраг песенных узораў могуць быць улучаны ў асобную музычную калекцыю з серыі "З фондаў фонаархіва кабінета народнай музыкі", прысвечаную спецыфіцы выканальніцкіх этнапесенных стыляў беларусаў.

 

Кабінет этнамузыкі размешчаны ў аўд. № 417 галоўнага корпуса Акадэміі музыкі (вул. Інтэрнацыянальная, 30). Электронны адрас: folkbgam@tut.by