• На галоўную
  • Карта сайта

Нотна-навуковая бібліятэка

Нотна-навуковая бібліятэка

Бібліятэка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ўнікальная. У ёй сабраны рэдкія нотныя выданні і кнігі, у якіх адлюстравана гісторыя музычнага мастацтва Беларусі.

Гісторыя бібліятэкі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі - гэта частка гісторыі самой акадэміі. У 1919 года ў Мінску арганізуецца народная кансерваторыя і ў дар па ініцыятыве А.В. Луначарскага з Пецярбурга перадаюцца музычныя інструменты і нотная бібліятэка. Беларуская дзяржаўная кансерваторыі была адкрыта ў 1932 годзе, восенню таго ж года створана бібліятэка. Яна мела агульны фонд з бібліятэкай музычнага вучылішча, якія знаходзіліся ў той час з кансерваторыяй ў адным памяшканні. Пасля пабудовы будынка кансерваторыі бібліятэка перамясцілася ў галоўны корпус.

У перыяд нямецкай акупацыі Беларусі асноўная частка бібліятэкі была вывезена гітлераўцамі ў Германію. Пасля Вялікай Айчыннай вайны фонд бібліятэкі ствараўся нанова. У дар літаратуру перадавалі Маскоўская кансерваторыя і Акадэмія навук Украіны, фонд папаўнялі жыхары Мінска, выкладчыкі ВНУ, якія вярнуліся з фронту і з эвакуацыі. Да пачатку 1947 года фонд налічваў ужо каля 35 тысяч асобнікаў нот і кніг. У гэты перыяд ўзначальвала бібліятэку А. Алейнікава, у падначаленні якой былі 3 штатныя адзінкі бібліятэкараў. Імі ажыццяўлялася ўся праца па выдачы, камплектаванню і апрацоўцы фонду. У 1957 годзе былі арганізаваны алфавітны і сістэматычны каталогі нот і кніг, картатэкі па профілю кансерваторыі. Пачынаючы з 1970-х гадоў праводзілася вялікая праца па камплектаванні фонду, закуплена бібліятэка музыказнаўца А. Хахлоўкінай у Маскве. У 1975 годзе адкрыўся філіял бібліятэкі ў памяшканні інтэрната кансерваторыі з фондам каля 20 тысяч асобнікаў, у 1979 годзе створаны сектар навуковай інфармацыі.

У 1986 годзе бібліятэку ўзначаліла Яніна Антонаўна Грынеўская. У 1997 годзе ў другім корпусе быў адкрыты абанемент ансамблевай літаратуры, у 2007 годзе - фартэпіяннай, вакальна-харавой, метадычнай літаратуры, арганізавана абслугоўванне чытачоў рэдкай кнігай. Кіравала працай бібліятэкі ў гэты перыяд Алена Яўгенаўна Бурая.

Агульны фонд бібліятэкі налічвае 215 тысяч асобнікаў. Яго аснову складае нотная літаратура (звыш 100 тысяч асобнікаў), падручнікі і вучэбна-метадычная літаратура па музычна-гістарычных дысцыплінах, замежная і мастацкая літаратура. Фонды папаўняюцца як за кошт новых паступленняў, так і дзякуючы перададзеным у дар зборам кніг выбітных дзеячаў беларускай музычнай культуры: музыказнаўцаў Юльяна Дрэйзіна і Юльяна Ляцецкага, дырыжора Марка Шнэйдэрмана (партытуры і клавіры опер, многія з якіх з'яўляюцца бібліяграфічнай рэдкасцю), балалаечнікаў і дамрыстаў Мікалая Прашко і Георгія Жыхарава (неапублікаваныя рукапісныя матэрыялы рэдакцый і інструментоўкі твораў для ансамбляў і аркестра народных інструментаў, зробленыя ім у 1938-69 гадах), піяністкі Ірыны Цвятаевай, кампазітараў Анатоля Багатырова і Генрыха Вагнера і інш.

У першым вучэбным корпусе Акадэміі размяшчаюцца асноўныя фонды бібліятэкі: сімфанічныя партытуры, вакальна-харавая, фартэпіянная, навукова-метадычная літаратура, навуковыя і дыпломныя работы выкладчыкаў і студэнтаў Акадэміі. У чытальнай зале бібліятэкі прадастаўлены адкрыты доступ да даведнікаў, кніжных і перыядычных выданняў, ажыццяўляецца доступ да рэсурсаў інтэрнэту. У 2012 годзе была адкрыта зала для навуковай працы і рэдкай кнігі.

У фондзе рэдкіх і рукапісных кніг захоўваюцца каля 2-х тысяч нотных і кніжных выданняў канца XIX - першай паловы ХХ стст. вядучых нотных выдавецтваў "CF Peters", "Breitkopf", "Jurgenson", "Zimmermann", "Henry Litolff", "N. Simrock", "De la Grave", выдавецтва Бяляева і інш. Бібліятэка захоўвае каля 3000 рукапісных работ выкладчыкаў Акадэміі з дня яе заснавання да цяперашняга часу, сярод якіх работы М. Аладава, К. Степанцэвіч, Н. Саўчанкі, П. Падкавырава, П. Дзянісава, В. Бяляева, М. Бергера, Э. Азарэвіч і інш. Маецца таксама шэраг выданняў з аўтографамі аўтараў, пячаткамі, штэмпелямі і экслібрысамі розных асоб і арганізацый, у тым ліку кнігагандлёвых і выдавецкіх арганізацый.

Рукапісны фонд беларускіх кампазітараў прадстаўлены творчасцю 125 беларускіх кампазітараў і складае больш за 9000 адзінак захоўвання. Палова з іх належыць беларускім кампазітарам-класікам (М. Аладаву, Р. Пуксту, П. Падкавыраву, Л. Абеліёвічу, А. Багатырову, Г. Вагнеру, Я. Глебаву). У фондзе захоўваецца каля 40 аўтарскіх рукапісаў.

У другім корпусе сканцэнтравана нотная літаратура для аркестравага і народнага факультэтаў, ансамблевая літаратура і галасы для сімфанічнага аркестра, вучэбныя выданні. У інтэрнаце знаходзяцца даведачныя выданні, мастацкая і замежная літаратура, кніжныя выданні па музыцы, музычнай культуры, галіновыя выданні.

У бібліятэцы створаны і абнаўляюцца каталогі і картатэкі па сусветнай музычнай культуры, жыцці і творчасці рускіх і замежных кампазітараў, па беларускай музыцы.

Штат бібліятэкі налічвае 19 чалавек. Рэжым працы:

  • - I корпус. 8.30–20.00 (абанемент, чытальная зала, зала для навуковай працы і рэдкай кнігі), выхадныя дні: субота і нядзеля;
  • - II корпус (вул. Камуністычная, 9). 8.30–17.00, выхадныя дні: субота і нядзеля.

Узначальвае бібліятэку з красавіка 2012 года Ганна Антонаўна Гамеза.

Кабінет загадчыка бібліятэкай размяшчаецца ў першым корпусе Акадэміі музыкі (вул. Інтэрнацыянальная, 30), аўд. № 223, тэл.: (37517) 327-78-76, электронная пошта: library@bgam.edu.by.

усе фота