• На галоўную
  • Карта сайта

Аб акадэміі

Гісторыя Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (да 1992 г. – Беларуская дзяржаўная кансерваторыя імя А. Луначарскага) – гэта ў значнай ступені гісторыя ўсёй музычнай культуры і мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя. Заснаваная ў 1932 г., Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі стала буйным цэнтрам музычнай адукацыі, выканальніцкага мастацтва, кампазітарскай творчасці і музыказнаўчай навукі. Ля яе вытокаў стаялі знакамітыя музыканты свайго часу – кампазiтары М. Аладаў і У. Залатароў, музыказнаўцы Ю. Дрэйзiн і М. Мацісон, пiянiсты А. Клумаў, Г. Пятроў і В. Сямашка, cкрыпачы А. Амітон, А. Бяссмертны і А. Вiв'ен, вiяланчэлiсты М. Арлоў i Б. Фiдлон, кантрабасісты І. Салодчанка і М. Славачэўскі, валтарніст Я. Сцэгенны, габаіст Г. Папавіцкі, спявак А. Баначыч, дырыжор I. Бары. Першым дырэктарам Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі быў М. Казакоў. У даваенны час яе ўзначальвалі таксама І. Прыс, К. Багушэвіч, А. Гантман, М. Бергер, у пасляваенны перыяд – М. Аладаў (1944–1948), А. Багатыроў (1948–1962), У. Алоўнікаў (1962–1982), І. Лучанок (1982–1985), М. Казінец (1985–2005), А. Рашчупкін (2005–2010). У наступны час рэктарам Акадэміі з'яўляецца доктар мастацвазнаўства, прафесар К. Дулава.

Сярод выпускнікоў першага выпуску кансерваторыі ў 1937 г. – А. Багатыроў, М. Крошнер, П. Падкавыраў, А. Папоў, В. Яфімаў (класс кампазіцыі прафесара В. Залатарова). У далейшым у Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі сфарміравалася нацыянальная кампазітарская школа, сярод выдатных прадстаўнікоў якой – вядомыя беларускія кампазітары Л. Абеліёвіч, У. Алоўнікаў, А. Багатыроў, Г. Вагнер, Я. Глебаў, І. Лучанок, Ю. Семяняка, Э. Тырманд, Дз. Смольскі, А. Мдзівані і інш. Міжнароднае прызнанне атрымала нацыянальная выканальніцкая школа, вялікі ўклад у развіццё якой зрабілі М. Бергер, I. Цвятаева, Р. Шаршэўскі, У. Эпштэйн (фартэпіяна), М. Браценнікаў, М. Гальдштэйн, В. Гольдфельд (скрыпка), П. Кірыльчанка (альт), А. Стагорскі і Б. Скабло (віяланчэль), А. Херсонскі і І. Салодчанка (кантрабас), У. Харытонаў (флейта), Ю. Цёмкін (габой), П. Дзянісаў (труба), С. Асколкаў, Я. Вітынг, А. Арсбелі-Карынскі, М. Людвіг (спевы), М. Маслаў, В. Роўда (харавое дырыжыраване), І. Абраміс, І. Букрэеў, І. Гітгарц, В. Дуброўскі, В. Катаеў, І. Мусін, С. Ратнер, М. Шнэйдэрман (аркестровае дырыжыраванне), Э. Азарэвіч, І. Жыновіч, Г. Жыхараў (народныя інструменты) і інш. У Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі склалася навуковая школа сучаснага музыказнаўства, станаўленне якой звязана з імёнамі вядомых беларускіх музыказнаўцаў С. Нісневіч, Л. Мухарынскай, Г. Глушчанка. 

У цяперашні час Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі – гэта вядучая вышэйшая навучальная ўстанова універсітэцкага тыпу ў сістэме мастацкай адукацыі Рэспублікі Беларусь, якая ўключае пяць факультэтаў, 24 кафедры, магістратуру, аспірантуру, шэраг музычных калектываў (аркестраў, хораў і ансамбляў), оперную студыю і інш. На факультэтах Акадэміі (фартэпіянным і кампазітарска-музыказнаўчым, аркестравым, вакальна-харавым і народных інструментаў), у Магілўскім філіяле ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка спецыялістаў па музычных спецыяльнасцях і спецыялізацыях. На факультэце павышэння кваліфікацыі праводзіцца навучанне і перападрыхтоўка выкладчыкаў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў мастацтва. У 2000 г. Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі нададзены статус вядучай навучальнай установы нацыянальнай сістэмы адукацыі ў сферы музычнага мастацтва.

Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі – гэта нацыянальны цэнтр захавання і развіцця нацыянальных кампазітарскай і выканальніцкай школ, цэнтр беларускай музыказнаўчай навукі і музычнай педагогікі. Беларуская дзяржаўная акадэмія музыкі – гэта вышэйшая музычная установа ў краіне, якая з'яўляецца базай падрыхтоўкі спецыялістаў музычнага мастацтва і забяспечвае высокі творчы ўзровень ўсіх вядучых прафесійных музычных калектываў краіны.

усе фота